Беларуская Служба

ISW: Расія пачала наступ адразу на трох кірунках расійска-ўкраінскай вайны

14.04.2024 09:50
Яна спяшаецца скарыстацца дэфіцытам зброі ў УСУ.
.
Ілюстрацыя.Фота: Shutterstock/Dmytro Larin

Расійскае акупацыйнае войска ажыццяўляе аператыўныя дзеянні прынамсі на трох напрамках, якія не аб'яднаныя агульнай стратэгічнай мэтай. Гэта дазваляе ворагу атрымліваць тактычныя дасягненні ў адным з сектараў па іх выбары.

Як тлумачаць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), Сілам абароны трэба будзе ўсё больш намаганняў, каб абараніцца ад гэтых нападаў расіян, калі ЗША працягнуць марудзіць з прадастаўленнем ваеннай дапамогі.

На думку экспертаў, намаганні Расіі ў раёне Часавога Яра і на Ліманскім і Пакроўскім напрамках маюць важныя з аператыўнага пункту гледжання мэты. У той жа час гэтыя аперацыі не падтрымліваюць адна адну, як магло б здавацца. Аналітыкі лічаць, што акупанты чаргуюць акцэнты паміж рознымі кірункамі, а не засяроджваюцца на ўсіх трох адначасова.

Цяпер Узброеныя сілы Украіны адчуваюць значны недахоп як артылерыйскіх снарадаў, так і сродкаў супрацьпаветранай абароны. Захопнікі гэта разумеюць. Аднак у іх бракуе магчымасцяў праводзіць адначасова больш за адну эфектыўную шырокамаштабную аперацыю, як гэта было раней.

Па словах аналітыкаў, расійскія войскі выкарыстоўваюць некалькі наступальных намаганняў, каб знізіць абарончыя магчымасці Украіны ва ўмовах недахопу зброі. Праціўнік прымушае ўкраінцаў пераразмяркоўваць свае абарончыя рэсурсы на поле бою, ствараючы такім чынам уразлівыя месцы, якімі можна скарыстацца.

нг